Працоўны калектыў Дома друку наведаў адну з асноўных славутасцяў Беларусі – сярэднявечны Мірскі замак.
Мірскі замак – гэта абарончае ўмацаванне і рэзідэнцыя ў гарадскім пасёлку Мір Гродзенскай вобласці. Ён размешчаны на раўніне – на беразе невялікай рэчкі Міранкі. Каля падножжа замка раскінуўся невялікі гарадскі пасёлак з прыгожай назвай Мір. Мястэчка, вядомае яшчэ з XIV стагоддзя сваімі гандлёвымі сувязямі з Лейпцыгам, Кёнігсбергам, Мемелем і Лібавай, а таксама шумнымі кірмашамі, атмасферу аднаго з якіх Якуб Колас апісаў у сваёй паэме “Сымон-музыка”. У час экскурсійнай праграмы наведалі гістарычны цэнтр пасёлка – Рынкавую плошчу, дзе размясціліся гандлёвыя рады, жылыя дамы рамеснікаў і купцоў, культавыя пабудовы ─ Траецкая царква, Мікалаеўскі касцёл і сінагога.
Мірскі замак з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, таму ў адной з веж арганізавана экспазіцыя з калекцыяй зброі і рыцарскіх даспехаў, традыцыйных шляхецкіх касцюмаў XIV стагоддзя, паляўнічых трафеяў, прадметаў сярэднявечнага побыту. Замак пабудаваны з простай чырвонай цэглы, упрыгожанай зялёнымі ўстаўкамі, праёмамі і арнаментальнымі паясамі. Нездарма Мірскі замак называюць выдатным творам беларускага дойлідства, шэдэўрам сусветнага значэння з увасабленнем феадальнай эпохі, сведкам знакавых падзей нашай беларускай гісторыі.
Падчас экскурсіі работнікі прадпрыемства агледзелі замак знадворку, прагуляліся па ўнутраным дворыку, адчуўшы сябе жыхарамі сярэднявечча, наведалі галерэі, а таксама падняліся па вузкіх усходах на адну з абарончых веж. З вялікай цікавасцю паслухалі легенды аб незлічоных скарбах, якія знаходзяцца дзесьці ў патаемных падземных тунэлях. Зазірнулі ў фамільную капліцу-пахавальню апошніх уладальнікаў замка Святаполк-Мірскіх. Таксама змаглі пабываць у вінным склепе, убачыць старадаўнюю мэблю XIX стагоддзі, узрушаючай прыгажосці банкетная і бальная залы. На сценах замка ўладкованыя крытыя чарапіцай пераходы паміж вежамі, а для абаронцаў замка ў сценах маюцца байніцы.
Шмат новай і карыснай інфармацыі экскурсанты даведаліся пра гісторыю Мірскага замка (уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА) і рода Радзівілаў, якія адыгралі значную ролю ў развіцці культуры Беларусі.Працоўны калектыў выказвае падзяку прафсаюзнаму камітэту прадпрыемства за арганізацыю турыстычнай паездкі ў Мірскі замак, які па праве сёння з’яўляецца турыстычным брэндам Беларусі і з вялікім нецярпеннем чакае новых падарожжаў па нашай сінявокай!