17.06.2026
ДОМ ДРУКУ ПРЫНЯЎ УДЗЕЛ У ЦЫРЫМОНІІ АДКРЫЦЦЯ ВЫСТАВАЧНАГА ПРАЕКТА “CODICES LIBRORUM. КНІЖНЫЯ КОДЫ”, ПРЫМЕРКАВАНАГА ДА 20-ГОДДЗЯ НОВАГА БУДЫНКА ГАЛОЎНАЙ БІБЛІЯТЭКІ КРАІНЫ
16 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё выставачнага праекта “Codices librorum. Кніжныя коды”, прымеркаванага да 20-годдзя новага будынка галоўнай бібліятэкі краіны.
Выставачны праект сабраў больш за 250 экспанатаў, кожны з якіх з’яўляецца своеасаблівым “кодам” беларускай культуры.

У экспазіцыі прадстаўлены кнігі з дароўнымі надпісамі ад вядомых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў і высокапастаўленых асоб Беларусі, якія былі сабраны за дваццаць гадоў існавання новага будынка.
Сярод рарытэтаў старадаўнія вокладкі з залатым цясненнем, факсімільныя і мініяцюрныя кнігі.
Прадстаўлены элементы паліграфічнага абсталявання па стварэнні кніг: вінтажныя металічныя шрыфты, друкаваныя формы, прадастаўленыя нашым домам друку. Асаблівая ўвага нададзена эстэтыцы кнігі як аб’екта мастацтва, а менавіта выданням-лаўрэатам штогадовага рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі” за ўвесь час правядзення пачынаючы з 1968 г.
Прадстаўленыя работы студэнтаў мастацкіх навучальных устаноў, натхнёныя беларускай культурай і класічнай літаратурай, ствараюць унікальны дыялог паміж пакаленнямі.
Скульптурныя кампазіцыі вядомых майстроў арганічна дапаўняюць прастору, ствараючы жывы дыялог пакаленняў і ператвараючы выставу ў гарманічны сплаў інтэлектуальнай спадчыны і сучаснага мастацтва.
Праект закліканы паказаць кнігу не толькі як элемент бібліятэчнага фонду, але і як шматслаёвы феномен: фізічны аб’ект, твор візуальнага мастацтва і носьбіт сакральных сэнсаў, якія фарміруюць ідэнтычнасць грамадства.

Беларускі Дом друку выступае суарганізатарам выставачнага праекта.
Генеральны дырэктар Дома друку Андрэй Лук’янчыкаў накіраваў у адрас кіраўніцтва і калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншавальны адрас.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставачнага праекта “Codices librorum. Кніжныя коды” яго зачытаў начальнік сектара па ідэалагічнай працы Антон Павельеў:
«Ад імя ўсяго калектыву дзяржаўнага прадпрыемства “Выдавецтва “Беларускі Дом друку” і асабіста ад сябе, дазвольце выказаць самыя шчырыя і цёплыя віншаванні з нагоды 20-годдзя вашага ўнікальнага і сучаснага будынка!
Нацыянальная бібліятэка Беларусі – гэта не толькі архітэктурны шэдэўр, але і знакавы сімвал сталіцы. Вашы супрацоўнікі, чыя самаадданая праца накіравана на захаванне і папулярызацыю культурнай спадчыны, з’яўляюцца сапраўдным гонарам нашай краіны.
Выставачны праект “Codices Librorum. Кніжныя коды”, прымеркаваны да гэтай знамянальнай даты, наглядна дэманструе вашу прыхільнасць раскрыццю багацця кніжнай гісторыі і ўключэнню ў яе шырокай грамадскасці. Мы глыбока цэнім ваша імкненне да наватарства і беражлівыя адносіны да спадчыны, якое вы з клопатам захоўваеце і перадаеце будучым пакаленням.
Няхай гэты юбілей паслужыць адпраўной кропкай для новага вітка вашай плённай дзейнасці, а праект “Codices Librorum. Кніжныя коды” адкрые новыя перспектывы для развіцця і прыцягне яшчэ больш знатакоў кніжнай культуры.
Ад усёй душы жадаем вам далейшых поспехаў у вашай высакароднай місіі, рэалізацыі новых значных праектаў, невычэрпнага натхнення і невычэрпнай энергіі! Няхай Нацыянальная бібліятэка Беларусі і надалей будзе для ўсіх нас пуцяводнай зоркай ведаў, а ваша праца прыносіць вам глыбокае задавальненне і шчырую радасць.»

У рамках адкрыцця адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміяльных чытацкіх білетаў самым актыўным карыстальнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае пагрузіцца ў займальнае падарожжа ў свет літаратуры і мастацтва з выставачным праектам “Codices librorum. Кніжныя коды”!
Тэрмін экспанавання: 16 Чэрвеня – 30 верасня.
Дата заканчэння можа быць зменена.
Уваход – па чытацкім білеце або пропуску сацыякультурнага цэнтра.
Час працы выставы адпавядае рэжыму працы бібліятэкі.


