У БЕЛАРУСІ СТАРТАВАЛА ДАСРОЧНАЕ ГАЛАСАВАННЕ НА ВЫБАРАХ ДЭПУТАТАЎ

Участкі для галасавання будуць адкрыты з 12:00 да 19:00 без перапынку на абед. Афіцыйнага пацверджання прычын, па якіх выбаршчык не можа прагаласаваць у асноўны дзень правядзення выбараў, не патрабуецца.

Бюлетэні выдаюцца выбаршчыкам пры прад’яўленні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карты, біяметрычнага пашпарта, ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана (арганізацыі), правоў кіроўцы. Прагаласаваць можна таксама на падставе пенсіённага пасведчання, пасведчання інваліда (пры наяўнасці фатаграфіі), студэнцкага або вучнёўскага білета.

Калі падчас запаўнення бюлетэня выбаршчык дапусціў памылку або сапсаваў бюлетэнь, то ён можа звярнуцца да сяброў участковай выбарчай камісіі і атрымаць новы бюлетэнь для галасавання. Але такім правам выбаршчык можа скарыстацца толькі адзін раз. Таксама нагадваем, што забаронена фота- і відэаздымка запоўненага бюлетэня для галасавання.

Выбаршчыкі, якія жадаюць прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі, а па месцы фактычнага пражывання, маюць права звярнуцца ва ўчастковую выбарчую камісію па месцы пражывання да 24 лютага. Пры гэтым трэба ўлічваць, што грамадзянін можа быць уключаны ў спіс выбаршчыкаў па месцы пражывання на падставе пашпарта і пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае пражыванне на тэрыторыі ўчастка для галасавання.