17 верасня наша краіна адзначыла самае “маладое” дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства, які быў заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 г. № 206.
Выбар даты абумоўлены тым, што менавіта ў гэты дзень у 1939 г. у выніку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі пачалося ўз’яднанне БССР і Заходняй Беларусі, якія былі падзелены ў 1921 г. па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы.
Адноўленае адзінства дазволіла Беларусі не толькі выдужаць у гады Вялікай Айчыннай вайны, але і заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаўшы адной з краін-заснавальніц ААН.
У гэты дзень мы вяртаемся да разумення важнасці такіх паняццяў як згуртаванасць народа. Мы – народ сваёй дзяржавы, і мы адзіныя незалежна ад свайго веравызнання ці нацыянальнасці. Наша краіна – гэта наш дом, які мы разам абараняем, мы разам ганарымся дасягненнямі нашых грамадзян і таксама разам смуткуем аб гаротных стратах, перажываем сумныя падзеі.
У рамках святкавання Дня народнага адзінства па ўсёй рэспубліцы прайшлі патрыятычныя і культурна-масавыя мерапрыемстваў, а яркай кульмінацыяй стаў вялікі патрыятычны форум “Мы – беларусы!” у “Мінск-Арэне”. Сведкамі дадзенага дзейства сталі тысячы нашых грамадзян з усёй краіны, у т.л. і працоўны калектыў Дома друку. Дзень народнага адзінства – наша агульнае свята, таму што мы верым у сваю краіну, яе сілу і яе моц.