КАЛЕКТЫЎНЫ ПРАГЛЯД ФІЛЬМА «ЧОРНЫ ЗАМАК»

У кінатэатрах Беларусі праходзіць кінапаказ фільма «Чорны замак», заснаванага па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча – першага беларускага пісьменніка, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва.

Працоўны калектыў Дома друку не застаўся ўбаку і далучыўся да нацыянальнага прагляду кінакарціны «Чорны замак». Калектыўны прагляд фільмаў стаў для супрацоўнікаў ужо традыцыяй.

Фільм “Чорны замак” адзін з самых чаканых фільмаў 2024 года. Гэта сумесны праект Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і расійскай кампаніі «Нью Арт Сінема Прадакшн». Кінакарціна выйшла ў пракат 12 снежня, цікава і тое, што адзіны старт паказу быў дадзены ў Беларусі і Расіі.

У адным з інтэрв’ю стваральнікі кінакарціны запэўнілі, што ў цэлым сутнасць рамана засталася нязменнай нягледзячы на шматслаёвую гісторыю, якую вельмі складана экранізаваць, таму што дастаткова шмат часовых пластоў. Каб змясціць іх у двухгадзіннае кіно, ад чагосьці даводзілася адмаўляцца. Пры напісанні сцэнарыя стваральнікі сышлі больш у забаўляльную бок, бо прачытанне кнігі займае больш часу, а кіно доўжыцца ўсяго паўтары-дзве гадзіны. За гэты час трэба было, з аднаго боку, захаваць тую глыбіню, якую заклаў у твор Уладзімір Караткевіч, з другога – стварыць карціну, пры праглядзе якой малады глядач не пачаў бы праз 20 хвілін глядзець у тэлефон. Таму і выйшла такая двухгадзінная гісторыя, хоць знята было нашмат больш матэрыялу.

Па сюжэце ў антыкварны магазін героя кінастужкі Антона Космича і яго партнёра Мар’яна Пташынскага невядомы здае старадаўняе Евангелле, якое належала роду Альшанскіх. Юнакі вывучаюць яго і выяўляюць схаваны шыфр. Неўзабаве Пташынскага забіваюць, а Космича падазраюць у гэтым злачынстве. Антону нічога не застаецца, як бегчы з-пад нагляду міліцыі ў Альшаны, каб даведацца таямніцы мінулага і знайсці забойцу сябра.

У фільме пераплятаюцца падзеі старажытнасці, звязаныя з родам Альшанскіх, старонкі з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і, вядома, падзеі сучаснасці. Каханне і здрада, падступства і смага грошай, і нават пошук неўміручасці пераплятаюцца ў гэтай стужцы, каб ліха закруціць клубок падзей, які ў фінале ўдасца разблытаць героям фільма.

Фільм, несумненна, выклікаў у гледачоў масу эмоцый. Сваім меркаваннем адносна прагледжанага супрацоўнікі Дома друку дзяліліся адразу па завяршэнні ў холе кінатэатра. Усе без выключэння пагадзіліся са словамі, якімі заканчваецца кінастужка: «Народ, які ведае сваю гісторыю, набывае неўміручасць. Калі будзем ведаць мінулае, то мы будзем непераможныя і адзіныя». Гэты фільм абавязковы да прагляду кожным жыхаром нашай краіны. Дзякуй яго стваральнікам за актуальную карціну і прадстаўленую магчымасць далучыцца да гісторыі!