09.12.2025
Гарадскі інфастрым на тэму «Пяцігодка якасці – вынікі года добраўпарадкавання” прайшоў у Мінскай гарадской Ратушы. Да анлайн-трансляцыі далучыліся больш за тысячу гледачоў, у т.л. працоўны калектыў Дома друку.
Ключавым дасягненнем 2025-га стала завяршэнне пераводу сталіцы на водазабеспячэнне з падземных крыніц. За паўтара года было пракладзена 114 км вадаправодаў, што дазволіла забяспечыць артэзіянскай вадой каля 700 тыс.гараджан, якія раней выкарыстоўвалі ваду з адкрытых крыніц.
Яшчэ адным значным праектам стала рэканструкцыя комплексу па сартаванні адходаў магутнасцю 600 тыс. т у год. Дзякуючы яго ўводу ў эксплуатацыю ўсё смецце, якое збіраецца ў Мінску, цяпер накіроўваецца на перапрацоўку, што зніжае нагрузку на палігоны.
У год добраўпарадкавання была нададзена павышаная ўвага жылым тэрыторыям. Капітальны рамонт праведзены на плошчы больш за 1 млн кв.м жылфонду. Акрамя рамонту дарог і фасадаў абноўлена дзіцячае гульнявое абсталяванне, малыя архітэктурныя формы, выкананы работы па азеляненні. Значныя работы праведзены на зонах адпачынку, у прыватнасці на Заслаўскім вадасховішчы, дзе да пачатку сезона было ўстаноўлена больш за 500 адзінак абсталявання і 150 лежакоў.
Штогод у Мінску рамантуюць не менш за 3% ад эксплуатаванай жылой плошчы. У сферы дарожнай інфраструктуры горад адыходзіць ад практыкі ямачнага рамонту, выконваючы поўную замену пакрыцця на прыдамавых тэрыторыях, – у бягучым годзе план выкананы на 111 %. У 2025 годзе высаджана каля 50 тыс.дрэў, больш за 260 тыс. кустоў і звыш 11 млн кветак. Устаноўлены звыш тысячы модульных канструкцый для збору адходаў. Працягваецца рамонт буйных транспартных развязак. Да 2028 года плануецца завяршыць рэканструкцыю ўсіх мастоў. Таксама будзе пабудаваны новы, які злучыць Цэнтральны і Фрунзенскі раёны.
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня горада Мінска адміністрацыі ўсіх раёнаў сталіцы традыцыйна прыводзяць у парадак па дзве зоны адпачынку. З 2021 года добраўпарадкавана 83 такія аб’екты. Акрамя таго, у 2025 годзе рэалізавана 14 грамадзянскіх ініцыятыў.
Нагадаем, што грамадзянскія ініцыятывы – гэта праекты, сафінансаваны гараджанамі і дзяржавай. Улічваючы высокую цікавасць мінчан, у наступным годзе плануецца павялічыць як аб’ём фінансавання, так і колькасць ініцыятыў, якія рэалізуюцца.
Для ўключэння насельніцтва ў добраўпарадкаванне жылля і двароў у горадзе штогод праводзіцца конкурс на званне «Лепшы двор», «лепшы пад’езд» і інш.Таксама прысвойваецца ганаровае званне «Мінчанін года». Сярод прадпрыемстваў і арганізацый арганізаваны конкурс на лепшае кветкавае афармленне.
Суботнікі і работа па добраўпарадкаванні павінны стаць звыклай часткай жыцця грамадзян, каб, нават калі скончыцца Год добраўпарадкавання, імкненне жыць у чысціні і парадку засталося.
