ДЗЕНЬ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ

39 гадоў таму, 26 красавіка 1986 г., адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. У той ці іншай меры яе наступствы закранулі многія краіны Еўропы, але ў найбольшай ступені пацярпела Беларусь.

У выніку аварыі ў атмасферу быў выкінуты вялікі спектр радыенуклідаў. Наступствы Чарнобыля для Беларусі былі вызначаныя як нацыянальнае экалагічнае бедства.

Сёння ў краіне створана і функцыянуе сістэма радыяцыйнага маніторынгу, якая ўвайшла ў нацыянальную сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. У яе склад уваходзіць шырокая сетка пунктаў назіранняў і акрэдытаваных лабараторый. Асноўныя аб’екты маніторынгу-атмасфернае паветра, глеба, паверхневыя і падземныя воды.

У Рэспубліцы функцыянуюць каля 1 тыс. падраздзяленняў радыяцыйнага кантролю.

Для забеспячэння кантролю ўтрымання радыенуклідаў у прадуктах харчавання, сельскагаспадарчай і іншай прадукцыі выкарыстоўваецца радыёметрычнае і спектраметрычнае абсталяванне.

У сакавіку 2021 г. Урад Рэспублікі Беларусь зацвердзіў шостую Дзяржаўную праграму па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021-2025 гады.

Сярод яе мэтаў – сацыяльная абарона насельніцтва, пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, безумоўнае забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі, паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё і адраджэнне забруджаных радыенуклідамі тэрыторый.

26 красавіка ў нашай краіне з’яўляецца памятнай датай – Дзень чарнобыльскай трагедыі, памяць аб наступствах якой неабходна назаўсёды захаваць як перасцярогу будучым пакаленням. На нашым прадпрыемстве ёсць людзі, якія не па чутках ведаюць пра чарнобыльскую катастрофу, людзі, якія прымалі непасрэдны ўдзел у ліквідацыі яе наступстваў. У памяць аб ахвярах Чарнобыльскай трагедыі прадстаўнікі працоўнага калектыву прадпрыемства ўсклалі кветкі да памятных знакаў “Ахвярам Чарнобыля” і “Камень міру Хірасімы” размешчаным у парку Дружбы народаў.