АДЗІНЫ ДЗЕНЬ ІНФАРМАВАННЯ Ў ДОМЕ ДРУКУ

На адзіным дні інфармавання, які прайшоў на прадпрыемстве, выступіла першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Аляксандра Ігавіна. Асноўная тэма абмеркавання “Рэспубліка Беларусь: праекты будучыні”. Удзельнікі дыялогу абмеркавалі ключавыя аспекты развіцця краіны ў такіх галінах, як атамная энергетыка, біятэхналогіі, штучны інтэлект, асваенне космасу.

Традыцыйна на адзіным дні інфармавання праводзіцца адкрытае абмеркаванне актуальных для жыцця краіны тэм. Самы галоўны праект будучыні – пабудова суверэннай, дэмакратычнай, моцнай, справядлівай дзяржавы. Гэта галоўны праект, які паспяхова рэалізуецца цягам апошніх 30 гадоў. У гэты маштабны праект будучыні ўключаюцца і ўсе астатнія – космас, высокія тэхналогіі, атамная станцыя, мадэрнізацыя энергетычнай інфраструктуры, сферы дрэваапрацоўкі, мікраэлектронікі.

Сёння навукова-тэхналагічны суверэнітэт дзяржавы з’яўляецца залогам яе палітычнай і эканамічнай незалежнасці. Не памеры тэрыторыі і прыродныя выкапні, а інтэлектуальны рэсурс і чалавечы капітал з’яўляюцца сапраўднымі нацыянальнымі багаццямі нацыі. Гэта дазваляе беларусам з аптымізмам глядзець у будучыню.

У пачатку 1990-х гадоў нашая краіна сутыкнулася з пагрозай знішчэння свайго навуковага патэнцыялу. Спынялася фінансаванне даследчых праграм, закрываліся навуковыя школы, краіну пакідалі таленавітыя вучоныя. На ўсе абурэнні і папрокі адносна такой палітыкі гучаў універсальны адказ, што, маўляў, “лепш і выгадней не прыдумляць і вырабляць самім, затрачваючы вялізныя рэсурсы, а купляць усё на перадавым Захадзе”.

Пераламаць тэндэнцыю, якая вядзе да катастрофы, удалося толькі з прыходам да ўлады дзеючага Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі. Логіка была простая: калі не захаваць унікальную савецкую беларускую навуку, не прадоўжыць яе традыцыі з улікам пераходу на новы тэхналагічны ўклад, то нам дастанецца роля перыферыі і калоніі для больш моцных і паспяховых нацый. Выбар шляху быў відавочны.

Сёння мы паспяхова запускаем у космас свае спадарожнікі. Упэўнена ўступілі ў клуб ядзерных дзяржаў. Штурмуем Антарктыду. Развіваем запатрабаваныя ва ўсім свеце перадавыя IT-і біятэхналогіі. І гаворка ідзе не столькі пра канкрэтныя дасягненні, адкрыцці і вынаходкі, так, гэта важна. Але яшчэ важней – гэта праектнае стратэгічнае мысленне цяперашняга пакалення беларусаў, пакалення творцаў і стваральнікаў.

Беларусь – суверэнная дзяржава, якая захавала свой навуковы і інтэлектуальны патэнцыял. Стратэгічныя напрамкі навуковага патэнцыялу краіны ўключаюць шэраг абласцей. Адна з іх – развіццё атамнай энергетыкі. Коратка спынімся на лічбах: штогод у Беларусі будзе выпрацоўвацца каля 18 млрд кВт·г электраэнергіі, што дасць магчымасць поўнасцю закрыць унутраныя патрэбнасці краіны. За апошнія два гады пабудавана 1200000 кв. м электрыфікаванага жылля. Паводле ацэнкі экспертаў, укараненне БелАЭС дасць магчымасць знізіць выкід парніковых газаў у атмасферу больш як на 7 млн ​​т. У ліку іншых стратэгічных напрамкаў – развіццё біятэхналогій у сферы аграрнага сектара, аховы здароўя, асваенне космасу.

Інавацыйная дзейнасць дае пэўны плён. Па выніках студзеня – лютага 2024 года ВУП склаў 104% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У краіне назіраецца станоўчае знешнегандлёвае сальда. Экспарт ажыццяўляецца ў асноўным на рынкі дружалюбных дзяржаў, краін Азіі, Афрыкі, Расіі і Кітая.

Эфектыўная работа эканомікі дазволіла забяспечыць рост заработнай платы. У студзені 2024 года яна склала 1991 рубель.

Структура нацыянальнай інавацыйнай сістэмы ляжыць у аснове канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і прадстаўляе інтарэсы ў навукова-тэхнічнай сферы. Уключае фармаванне эканомікі, заснаванай на ведах; стварэнне новых вытворчасцей, сектараў эканомікі, укараненне перадавых тэхналогій; пашырэнне прысутнасці на сусветным рынку нацыянальных інтэлектуальных прадуктаў. Прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці акумуляваны ў Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця краіны.

Яшчэ адзін гонар краіны IT-сфера і адпаведна Парк высокіх тэхналогій, колькасць яго прадуктовых кампаній за 5 гадоў вырасла ў 14 разоў. Рэзідэнты могуць займацца больш за 40 відамі дзейнасці. Гэта рашэнні ў галіне штучнага інтэлекту, распрацоўка высакакласнага праграмнага забеспячэння, інжынерныя рашэнні мабільных дадаткаў у ахове здароўя, банкаўскім прававым забеспячэнні, лазерных тэхналогіях, оптыцы. Так, у 2021 годзе рост экспарту ПВТ склаў 3,2 млрд. рублёў. Уклад у ВУП краіны – амаль 4%. Сёння парк высокіх тэхналогій аб’ядноўвае 1010 кампаній. Гэта больш за 55 тыс. чалавек. Што датычыцца праектаў будучыні, гэта шэраг распрацовак рэзідэнтаў ПВТ, якія ўжо прымяняюцца. Гэта праграмнае забеспячэнне для банкаў, тэсты для выяўлення інфекцыйных захворванняў, платформа маніторынгу якасці паветра для гарадоў, разумны дом, платформа ўніверсальных ведаў і адукацыі і інш.

Шматвяковая гісторыя Беларусі сведчыць: цяжкасці ніколі не спынялі беларусаў. Наадварот, матывавалі, дапамагалі рашаць самыя амбіцыйныя задачы. Рэспубліка Беларусь мае сур’ёзныя пункты росту, якія будуць вызначаць твар краіны ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Дасягненні ў касмічнай, атамнай, біятэхналагічнай галінах прыўносяць у народную гаспадарку сінэргетычны эфект, служаць драйверам для сумежных галін, стварэння новых вытворчасцей, падрыхтоўкі кадраў па найноўшых спецыяльнасцях. Гэтыя напрамкі дзейнасці становяцца меркай паспяховасці краіны, сімвалам высокай мары. Народу, у якога ёсць высокая мара, не страшныя “майданы”.

Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы 20 кастрычніка 2023 г. на нарадзе па пытанню ўдасканалення сістэмы планавання і кантролю за рэалізацыяй стратэгічных праектаў: ​​«Гэта будучыня не толькі любой сістэмы, але і любой краіны ў цэлым. Стратэгічныя праекты, калі казаць пра Беларусь, гэта будучыня нашай краіны… Без будучыні не можа існаваць ніводзін чалавек, ні адна сістэма, ні адна дзяржава».

Такім чынам, Адзіны дзень інфармавання ў Беларускім Доме друку стаў важнай пляцоўкай для абмеркавання ключавых аспектаў праектаў будучыні краіны і ролі кожнага грамадзяніна ў гэтых праектах.