Гаворыць і паказвае Віцебск! У горадзе на беразе Заходняй Дзвіны прагучалі вядомыя ва ўсім свеце пазыўныя, а гэта значыць, што ў Летнім амфітэатры ўвечары 10 ліпеня ўрачыста адкрыўся любімы многімі XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Свята, якога чакаюць як жыхары горада і нашай краіны, так і шматлікія госці і прыхільнікі. Свята, якое ўжо шмат гадоў з’яўляецца сапраўдным беларускім брэндам. З 1995 года фестываль знаходзіцца пад асабістым патранатам Прэзідэнта.
Фестываль “Славянскі базар у Віцебску” з’яўляецца астраўком душэўнага яднання, цеплыні і святла. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 ліпеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зноў пад купалам віцебскага амфітэатра ўрачыста гучаць фанфары “Славянскага базару” – фестывалю, які заўсёды чакаюць беларусы, непасрэдна самі віцябчане, майстры мастацтваў і іх паклоннікі з розных краін.
“Тут кожны раз мы сустракаемся са знакамітымі артыстамі і сапраўднымі майстрамі мастацтваў. Тут з году ў год запальваюцца, як у нас прынята гаварыць, новыя зоркі. У самых розных жанрах: ад музыкі і танца да тэатральных пастановак і мастацкіх праектаў. У самых розных стылях: ад народнай творчасці і класікі да авангардных напрамкаў актуальнага мастацтва”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Азнаёміцца з праграмай фестывалю можна тут.