22 МАРТА – 81 ГАДАЎШЧЫНА ТРАГЕДЫІ ХАТЫНІ

Нават праз дзесяцігоддзі мы не можам забыцца, як акупанты сцерлі з твару зямлі беларускую вёску.

У сакавіку 1943 года спалены жыўцом і расстраляны амаль усе жыхары Хатыні – 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў.

І Хатынь не адна такая… Але менавіта яна стала сімвалам найвялікшай нацыянальнай трагедыі і вечнага смутку. Палітыка гітлераўскай Нямеччыны меркавала знішчэнне значнай часткі беларусаў, а тэрыторыю – засяліць немцамі і ўключыць у свой склад.

І наша задача сёння – абараніць гістарычную праўду. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падчас расследавання крымінальнай справы працягваюць устанаўлівацца раней невядомыя факты масавага знішчэння грамадзянскага насельніцтва Беларусі. Атрыманыя дадзеныя ў чарговы раз пацвярджаюць, што маштабы трагедыі беларускага народа ў гады вайны нашмат шырэйшыя, чым было вядома раней. Следчай групай вывучаны вялікі масіў архіўных дакументаў і тысячы крымінальных спраў у адносінах да нацысцкіх злачынцаў. Праведзена больш за 400 аглядаў месцаў здарэння.

Пракуроры дадаткова сабралі звесткі аб звыш 2,5 тысячы раней невядомых пацярпелых населеных пунктаў (знішчаных поўнасцю або часткова), сярод якіх, паводле папярэдніх звестак, не менш як 270 «сясцёр» Хатыні. У Крупскім раёне – гэта вёскі Сомры і Узнаж. Масавае знішчэнне людзей было пастаўлена на паток і вялося варварскімі метадамі. На тэрыторыі Беларусі было створана больш за 580 лагераў смерці.

“Трасцянец”, Мінскае гета, “Азарычы”, “Калдычэва” – толькі пры згадванні гэтых жудасных месцаў сціскаецца сэрца. Стандартным сцэнарам стала знішчэнне вёсак разам з жыхарамі ў рамках так званых “уціхамірвальных” акцый, а па сутнасці карных аперацый.

На жаль, сёння працягваюцца спробы перапісаць гісторыю і перакрэсліць подзвіг савецкага народа. Але беларускі народ выразна і ясна кажа сваё рашучае “не” скажэнню гістарычнай праўды і ўсімі сіламі і метадамі будзе яе абараняць.

Ёсць традыцыі, якія настолькі мудрыя і дакладныя, і самае галоўнае дастасавальныя і ў наш час, што, вядома задумваючыся над іх сэнсам, разумееш, што сапраўды ёсць сэнс іх не змяняць, а толькі прытрымлівацца.

Але час цячэ, мяняюцца норавы і паняцці, жыццё набывае іншыя цывілізацыйныя фарбы, але традыцыя ўскладання вянкоў і кветак працоўным калектывам Дома друку да манумента ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» нязменная.

Забыцца – значыць здрадзіць, мы гэтага недапусцім, гэта не пра нас. Памяць пакаленьняў іх захоўвае, вось чаму пасьмяротна яны жывыя!

Роўна ў 12:00 22 сакавіка ва ўстановах і арганізацыях горада прагучыць метраном, не выключэннем стане і наш Дом друку. Далучыцца да хвіліны маўчання можа кожны.