26 красавіка 2024 года – 38 гадоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС – беспрэцэдэнтнай аварыі ў гісторыі атамнай энергетыкі. У выніку выбухаў на 4-м энергаблоку рэактар быў поўнасцю разбураны. Аварыя суправаджалася пажарамі і выкідамі радыеактыўных рэчываў. Радыёактыўнае воблака прайшло над СССР, Скандынавіяй, Усходняй Еўропай і закранула больш за 20 краін. У найбольшай ступені пацярпелі Беларусь, Расія і Украіна. Забруджванне тэрыторыі Беларусі склала 23% агульнай плошчы, Украіны – 7%, Расіі – 1,5% тэрыторыі яе еўрапейскай часткі. Каля 35 працэнтаў чарнобыльскіх выпадзенняў цэзію-137, асноўнага радыенукліду, які фарміруе дозу апрамянення насельніцтва цяпер, прыпала на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Гэта красавіцкая дата стала асаблівай не толькі для Беларусі, Расіі і Украіны, але і для ўсяго свету. Усё цывілізаванае чалавецтва ў гэты дзень успамінае пра Чарнобыль, пра тых, хто, не шкадуючы жыцця і здароўя, спыніў радыяцыйную стыхію і прадухіліў вялікую бяду.
Чарнобыльская катастрофа стала выклікам для ўсёй міжнароднай супольнасці. У той жа час дзейнасць па пераадоленні наступстваў гэтай найбуйнейшай радыяцыйнай аварыі дала цудоўныя прыклады супрацоўніцтва на глабальным узроўні. Змяніўся падыход краін да пытанняў ядзернай энергетыкі, уключаючы ўзмацненне бяспекі і больш узважаныя адносіны да тэхналагічнага прагрэсу. Міжнародная супольнасць засвоіла ўрокі Чарнобыля і набыла досвед, які дапаможа спраўляцца з доўгатэрміновымі наступствамі тэхнагенных катастроф.
17 снежня 2003 года Генеральная асамблея ААН падтрымала рашэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД аб абвяшчэнні 26 красавіка Міжнародным днём памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф. У дзяржавах – членах СНД адзначаецца з 2004 года ў адпаведнасці з рашэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД ад 19 верасня 2003 г.
8 снежня 2016 года на пленарным пасяджэнні Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абвяшчэнні 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе. Гэты дзень закліканы служыць напамінам аб небяспецы ядзерных аварый і неабходнасці ўмацавання міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы змякчэння доўгатэрміновых наступстваў чарнобыльскай аварыі.