18.09.2025
Тэма: «ДЗЕНЬ НАРОДНАГА АДЗІНСТВА: ЗНАЧЭННЕ МІРУ І ЗГОДЫ»
Дзень народнага адзінства – гэта адно з найважнейшых святаў Рэспублікі Беларусь, значэнне якога з кожным годам толькі ўзрастае. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы А.Р.Лукашэнка, “не было б гэтага ўз’яднання, не было б у нас ні Дня Перамогі, ні Дня Незалежнасці. Нас бы не было. Таму што не было б той зямлі, на якой продкі нашы нарадзіліся і якую сваёй працай апрацоўвалі».
Уз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР, якое адбылося ў выніку паходу Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 г., стала важнай вяхой у гісторыі краіны. Беларускі народ атрымаў магчымасць жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі, ствараючы неабходны сацыяльна-эканамічны, грамадска-палітычны і культурны патэнцыял. У беларусаў пачаўся новы адлік часу, фарміравалася аснова для паспяховага развіцця суверэннай і незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Даведачны:
У выніку ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР былі праведзены карэнныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, якія закранулі ўсе сферы жыцця грамадства.
У Заходняй Беларусі пачаўся ўздым агульнага ўзроўню адукацыі, адкрываліся беларускія школы. Калі да 1939 года не заставалася ніводнай беларускай школы, то ўжо ў 1940/41 навучальным годзе такіх школ было больш чым 4,5 тыс.
Адкрываліся тэатры, вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Так, у заходніх абласцях БССР з’явіліся 5 вышэйшых навучальных устаноў (у тым ліку настаўніцкія інстытуты ў гг.Гродна, Баранавічы і Пінск) і 25 сярэдніх спецыяльных. Дзейнічалі 5 тэатраў (у тым ліку Палескі абласны драматычны тэатр у г.Пінску, Брэсцкі абласны Рускі драматычны тэатр і інш.), 220 бібліятэк.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы развівалася прамысловасць. Пачалося будаўніцтва новых фабрык і заводаў. У канцы 1940 года ў заходніх абласцях дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх было занята каля 40 тыс.рабочых. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у 2 разы ў параўнанні з 1938 годам.
Гэтая дата з’яўляецца сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і яна трывала замацавалася ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі.
Першапачаткова Народны сход Заходняй Беларусі абвясціў 17 верасня Днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў. Менавіта ў такой якасці гэты дзень і быў урачыста і шырока адсвяткаваны ў 1940 годзе ў БССР.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. дзень 17 верасня у апошні раз на агульнасаюзным узроўні быў адсвяткаваны ў 1949 годзе.
Сучасны Дзень народнага адзінства прадыктаваны самім жыццём. Валодаючы глыбокім гістарычным значэннем, гэтае свята напоўнены важнымі сэнсамі сённяшняга дня і перспектыў будучыні.
У суверэннай Беларусі ўпершыню ідэя заснавання Дня народнага адзінства на самым высокім узроўні прагучала на шостым Усебеларускім народным сходзе, які прайшоў пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Ідэя згуртаванасці грамадства, адзінства, імкненне да міру і згоды блізкія ўсім людзям, якія шчыра любяць Беларусь.
Лагічна, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 г. № 206 дата 17 верасня здабыла статус дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства.
Жыць у міры і згодзе – характэрная рыса нашага народа і каштоўнасць беларускай дзяржавы. Гэта фундаментальная аснова дзяржаўнай палітыкі, якая забяспечвае стабільнасць у грамадстве і захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.
Звернем увагу на некалькі ключавых аспектаў.
Першае: мір для беларусаў – гэта каштоўнасць, выпакутаваная многімі пакаленнямі нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія ўнеслі неацэнны ўклад у фарміраванне беларускай дзяржаўнасці.
Другое: беларусы заўсёды былі адзіныя перад тварам цяжкасцяў і выклікаў.
Трэцяе: забеспячэнне бяспекі і парадку ў краіне, унутрыпалітычная згода ў грамадстве – важныя ўмовы для жыцця кожнага чалавека.
Чацвёртае: Беларусь – адкрытая краіна, за якой трывала замацавалася рэпутацыя міралюбнай дзяржавы, якая выступае за вырашэнне міжнародных канфліктаў дыпламатычнымі метадамі (перамовы і мірныя ўрэгуляванні).
У значнасці кансалідацыі беларускага грамадства для захавання дзяржаўнасці сёння ўжо не трэба пераконваць нікога. Шматлікія выпрабаванні, якія выпалі на долю беларускага народа, даюць падставы па-асабліваму ставіцца да такога паняцця, як народнае адзінства. Дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства мае асаблівы сэнс: пакуль мы адзіныя, мы непераможныя. Важна захаваць мір і краіну для будучых пакаленняў.
А завяршыць хочацца мудрымі словамі кіраўніка дзяржавы ў ходзе акцыі «Марафон адзінства» ў Мінск-Арэне ” 24 студзеня 2025 г.:
«На гэтым дадзеным нам Богам кавалачку зямлі – наш адзіны дом. І гэты дом не прадаецца ні за якія грошы. Мы будзем і далей будаваць гарадскія кварталы і вёскі будучыні, дарогі і заводы, станцыі метро і школы.
Будзем мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, развіваць навуку, адукацыю, медыцыну. Рабіць усё, каб краіна станавілася яшчэ больш прыгожай і ўтульнай для нас, нашых дзяцей і ўнукаў.
… І, самае галоўнае, мы абавязкова захаваем для нашчадкаў мірнае неба над нашымі дамамі».
З Днём народнага адзінства, дарагія беларусы!
МАТЭРЫЯЛЫ ДА АДЗІНАГА ДНЯ ІНФАРМАВАННЯ НА ТЭМУ: «ДЗЕНЬ НАРОДНАГА АДЗІНСТВА: ЗНАЧЭННЕ МІРУ І ЗГОДЫ»:
– Матэрыял, адрасаваны інтэлігенцыі
– Матэрыял, адрасаваны работнікам прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі
– Матэрыял, адрасаваны моладзі