БЕАТА ТЫШКЕВІЧ І ПАСТАЎШЧЫНА

КІНО. НАТАТКІ КРАЯЗНАЎЦЫ

ІГАР ПРАКАПОВІЧ

Беата Тышкевіч – знакамітая польская актрыса, якую ведаюць усе, хто хоць крыху цікавіцца кінематографам. У яе творчым лёсе больш больш за паўсотню фільмаў. У Савецкім Саюзе была вельмі папулярная пасля выхаду ў пракат кінастужкі рэжысёра Андрэя Канчалоўскага «Дваранскае гняздо». Для многіх яна запомнілася ролямі ў фільмах «Марыся і Напалеон», «Вялікае каханне Бальзака», «Лялька». У кінастужцы беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га…» Беата Тышкевіч выканала ролю пані Гралінскай. Нарадзілася яна ў Вільні ў 1938 годзе, жыве ў Польшчы. Якое дачыненне яна можа мець да Пастаўшчыны? Аказваецца, вельмі нават роднасна-блізкае. Радаводныя ніткі звязваюць яе з вёскай Казлоўшчына, што ляжыць на ўсходзе Пастаўскага раёна. Сама актрыса ў вёсцы, магчыма, не бывала, а вось яе блізкі родзіч не толькі тут жыў, але і быў уласнікам даваеннага вялікага маёнтка «Казлоўск». Звалі гаспадара Генрык Тышкевіч і даводзіўся ён Беаце дзядзькам – родным братам яе бацькі Крыстофа. Былі яны сынамі графа Юзафа Тадэвуша Тышкевіча – Лагойскага гербу «Ляліва» і Ірэны Галабек-Язерскай гербу «Прус ІІ».

Генрык Марыя Станіслаў (так гучала поўнае імя ўласніка маёнтка) нарадзіўся ў 1909 годзе, а ў 26 гадоў стаў валодаць Казлоўшчынай. Атрымаў ён маёмасць праз шлюб з Аленай-Ізабэлай Незабытоўскай, дачкой вядомага палітычнага і грамадскага дзеяча Расійскай імперыі і Польшчы Караля Незабытоўскага. Гэты чалавек быў пры грашах, меў некалькі маёнткаў, з’яўляўся членам Дзяржаўнага Савета ад Мінскай губерні (1911 – 1912), займаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі і дзяржаўнай маёмасці ІІ Рэчы Паспалітай (1926 – 1929). Да Тышкевічаў Казлоўшчынай валодалі Ленскія – нашчадкі князёў Друцкіх–Любецкіх. Асноўнай іх рэзідэнцыяй быў маёнтак Белая Вака каля Вільні, дзе яны пабудавалі палац і храм. Кіраваць Казлоўшчынай у Ленскіх, напэўна, не было імпэту і магчымасці, таму маёнтак выставілі на продаж. Яго і купіў Караль Незабытоўскі для таго, каб перадаць сярэдняй дачцэ ў якасці пасагу, калі тую засваталі Тышкевічы. Што ж, бацьку трэба было рупіцца, бо дзяўчына заседзілася ў дзеўках – ёй было ўжо дваццаць дзевяць, жаніх – на тры гады маладзейшы. Так Генрык Тышкевіч стаў уласнікам Казлоўшчыны. Маёнтак на той час, напэўна, быў у заняпадзе, бо не меў належнага кіравання. Малады гаспадар актыўна пачаў яго аднаўляць. Пра гэта пісаў у газеце карэспандэнт, які ў 1936 годзе наведаў Казлоўшчыну з прычыны пажараў, якія бушавалі ў вакольных лясах: «Пасля вяртанне ў двор, маю яшчэ досыць часу да адпраўлення цягніка, каб наведаць маёнтак Казлоўск. Прыемны гаспадар праводзіць мяне па сваім «дамініёне», ахвотна мне паказвае стан пасеваў, стайні, тартак, млын, машыны. Нягледзячы на тое, што толькі год рукой графа Тышкевіча кіруецца гаспадарка Казлоўска, усюды відаць памкненне паставіць гаспадарку на належны ўзровень, усюды сляды інвестыцый: там новы дах, там–сям свеціць свежымі дошкамі новы плот, там ізноў уваходзім на новы мост. Вялікай рэччу з’яўляецца замілаванне зямлёй. А што граф Тышкевіч з’яўляецца ўлюблёным і дасведчаным земляробам, нягледзячы на малады ўзрост, не падлягае сумневу». Па ўспамінах мясцовых жыхароў, гаспадар маёнтка быў шчодрым і справядлівым чалавекам, дапамагаў простым людзям. Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што ён любіў коней і займаўся іх гадоўляй.

Як склаўся лёс Генрыка Тышкевіча пасля ўсталявання тут савецкай улады – невядома. Яго жонка памерла ў 94-гадовым узросце ў 2000 годзе. Дзяцей у сям’і не было.

Другая сусветная вайна раскідала па розных краінах і сям’ю брата. Але вось якая цікавая паралель праявілася праз гады. Беата Тышкевіч ад шлюбу з першым мужам, вядомым рэжысёрам Анджэем Вайдай, мае дачку Караліну, якая спачатку абрала матчыну прафесію, стала кінаактрысай, здымалася ў фільмах. Але цяпер яна жыве ў былым маёнтку непадалёку ад Варшавы і займаецца… Чым бы вы думалі? Яна гадуе коней, прадае іх, а таксама навучае ў сваёй Акадэміі мастацтва верхавой язды.

Гісторыя паўтараецца. Толькі ў іншых дэкарацыях і дэталях.

НАША ДАВЕДКА:

Пракаповіч Ігар Міхайлавіч, нарадзіўся 09.12.1960 у г. Паставы. Закончыў геафак БДУ і аспірантуру Нацыянальнага Інстытута Адукацыі. Настаўнік геаграфіі і астраномі вышэйшай катэгорыі Пастаўскай гімназіі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Вучонага савета беларускага геаграфічнага таварыства, рэспубліканскай Рады Беларускага фонду культуры., лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча (2015), прэміі Спецыяльнага фонду прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў (2016), Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2020).

Аўтар каля 60 краязнаўчых, празаічных і паэтычных кніг.

На здымках фільма «У жніўні 44-га…» разам з акцёрам Яўгенам Міронавым і рэжысёрам Міхаілам Пташуком.