Предлагаем вашему вниманию прайс-листы на оказание различных видов производственных услуг
Сярод велізарнай колькасці высакаякаснай друкаванай прадукцыі, якая выпускаецца дзяржаўным прадпрыемствам «Выдавецтва «Беларускі Дом друку», часопіс «На экранах» знаходзіцца на асаблівым месцы: флагман беларускай паліграфіі з'яўляецца яго заснавальнікам і выдаўцом.
Часопіс «На экранах (Беларусi)» быў заснаваны ў жніўні 1957 года, і гэта дае яму права лічыць сябе доўгажыхаром сярод рэспубліканскіх СМІ, ветэранам беларускай прэсы і выдатнікам культуры Беларусі. З дня заснавання некалькі разоў змяняліся назвы выдавецтва і часопіса, але тэматычны накірунак заснаванага ім выдання заставаўся нязменным. З моманту свайго нараджэння часопіс быў арыентаваны на прапаганду і папулярызацыю кінематографа, ён ніколі не адыходзіў ад сваёй канцэпцыі. У самыя цяжкія для друкаваных выданняў часы часопіс працягваў асвятляць кіно – айчыннае, замежнае, папулярнае, элітарнае, класіку і прэм'еры, конкурсы і фестывалі.
Часопіс стаяў ля вытокаў стварэння Мінскага МКФ «Лiстапад» і з'яўляецца яго летапісцам на працягу ўсіх гадоў існавання найважнейшага фестывалю краіны. Наша выданне мае пастаянную акрэдытацыю на найбольш прыкметных кінафорумах постсавецкай прасторы, а таксама на МКФ класа «А» – у Венецыі і ў Берліне. Практычна няма ніводнай значнай кінаакцыі ў краіне і за мяжой, якая не мела б актуальнага водгуку ў часопісе «На экранах», але заўсёды аддавалася перавага беларускаму кіно.
Змест часопіса «На экранах» адрозніваецца гарманічным спалучэннем кіназнаўчых і папулярных жанраў, багаццем фотаматэрыялаў, эксклюзіўнымі інтэрв'ю з найбольш вядомымі персонамі са свету кіно. Трыбуна для выступаў адкрытая як для мэтраў, так і для студэнтаў, кінематаграфістаў пакалення «next».
Часопіс «На экранах» – надзейны інфармацыйны партнёр Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Асаблівую ўвагу чытачоў заслужылі сумесныя акцыі часопіса, кінастудыі і Беларускага саюза кінематаграфістаў: спецыяльныя нумары, прысвечаныя прэм'ерам кінастудыі «Беларусьфільм», майстрам нацыянальнага кінематографа і тэматычныя кінакалендары.
Рэдкалегія:
Народны артыст Беларусі, кінарэжысёр А. В. Яфрэмаў;
музыказнаўца, кіназнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства А. А. Карпілава;
кіназнаўца, кінакрытык, доктар мастацтвазнаўства А. В. Красінскі;
генеральны дырэктар выдавецтва «Беларускі Дом друку» Р. С. Алейнік;
тэатразнаўца, доктар філалагічных навук Т. Дз. Арлова;
кіназнаўца, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры літаратурнай крытыкі інстытута журналістыкі БДУ Л. П. Саянкова;
кіназнаўца, галоўны рэдактар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» А. В. Сідарэнка.
Рэдакцыя:
рэдактар – Л. І. Перагудава, журналіст, кінадраматург, дацэнт інстытута журналістыкі БДУ, узнагароджана медалём Францыска Скарыны за асабісты ўклад у культуру Рэспублікі Беларусь;
літаратурны рэдактар – Ю. А. Ляшко, журналіст, кінадраматург, пісьменнік, узнагароджана прызам «Хрустальны бусел» за лепшы сцэнар («Сяброўка Восень») на 5-м Нацыянальным кінафестывалі беларускіх фільмаў у г. Брэсце, Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь;
мастацкі рэдактар – А. Н. Таргонская, узнагароджана Падзякай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду беларускага нацыянальнага кінематографа.
Аўтары:
кандыдаты мастацтвазнаўства Наталля Агафонава, Марына Белавокая і Марыя Касцюковіч (НДІ этнаграфіі і фальклору НАН РБ), Святлана Саўчык (дырэктар кінатэатра «Піянер»);
кіназнаўца Нэлі Крывашыева;
журналісты Ірэна Кацяловіч, Алена Давыдава;
фатографы Віктар Зайкоўскі, Алег Сільвановіч, Дар'я Каляда, Дзмітрый Елісееў і інш.;
студэнты творчых ВНУ;
члены Беларускага саюза кінематаграфістаў.
Узнагароды часопіса: прызы і дыпломы міжнародных кінафестываляў «Лiстапад», «Залаты Віцязь», Нацыянальнага кінафестывалю беларускіх фільмаў у Брэсце, Ганаровыя граматы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза кінематаграфістаў.
Архіў нумароў часопіса глядзець тут.
Старонкі нумароў часопіса глядзець тут.